Award ceremony speech

English
English (pdf)
Norwegian
Norwegian (pdf)
Belarusian
Belarusian (pdf)
Ukrainian
Ukrainian (pdf)
Russian
Russian (pdf)

Copyright © Нобелеўскі фонд, Стакгольм, 2022 год.
Агульны дазвол на публікацыю ў газетах на любой мове. Публікацыя ў перыядычных выданнях або кнігах, у лічбавай або электроннай форме, за выключэннем кароткага пераказу, магчымая толькі са згоды Фонду. Ва ўсіх публікацыях цалкам ці большай часткі павінна змяшчацца пазначаная вышэй згадка пра аўтарскія правы.

Прамова Старшыні Нарвежскага нобелеўскага камітэту Бэрыт Райс-Андэршэн, Осла, 10 снежня 2022 года.

У гэты самы момант у Стакгольме ўручаюцца Нобелеўскія прэміі гэтага году лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па фізіялогіі і медыцыне, фізіцы, хіміі і літаратуры. Згодна з палажэннямі завяшчання Альфрэда Нобеля, усе Нобелеўскія прэміі, у тым ліку прэмія міру, узаемазвязаныя. Альфрэд Нобель верыў у прагрэс праз навуку, пошук ісціны і ўсё большае назапашвання ведаў. Ён таксама верыў ў глыбокую літаратуру, якая асвятляе і сілкуе дух, і ў мір, які так неабходны для бяспекі і росквіту. Падтрымка Альфрэдам Нобелем навукі, літаратуры і міру адлюстроўвала яго перакананасць у тым, што гэтыя сферы з’яўляюцца ключом да лепшага свету. У аснове яго бачання ляжала вера ў тое, што таленавітыя і мэтанакіраваныя людзі могуць змяніць сітуацыю да лепшага.

Сёлета я адчуваю велізарнае задавальненне ад прызнання Алеся Бяляцкага, таварыства “Мемарыял” і “Цэнтру грамадзянскіх свабодаў” “чэмпіёнамі барацьбы за мір”, якія – рознымі сродкамі, але дзеля агульнай мэты – прынеслі найвялікшую карысць чалавецтву. За гэта кожнаму з іх належыць траціна Нобелеўскай прэміі міру за 2022 год. Абвяшчаючы наша рашэнне ў кастрычніку, Нарвежскі нобелеўскі камітэт падкрэсліў, што ўсе тры лаўрэаты адстойвалі права крытыкаваць уладу і абаранялі асноўныя правы грамадзянаў. Яны прыклалі велізарныя намаганні для дакументавання ваенных злачынстваў, парушэнняў правоў чалавека і злоўжыванняў уладай. Разам яны дэманструюць значэнне грамадзянскай супольнасці для міру і дэмакратыі.

Дэмакратычны ўрад мае патрэбу не толькі ў падтрымцы свайго народа, але і ў крытыцы, новых ідэях і новых перспектывах. Вярхоўнай крыніцай яго ўлады з’яўляецца народ. Гісторыя вучыць нас, што нават прыгнечаныя людзі ў нейкі момант кінуць выклік свайму прыгнятальніку. Нехта сфармуе рух і выступіць за большую свабоду, справядлівасць, дэмакратыю і вяршэнства права. Гэтыя правы і каштоўнасці з’яўляюцца базай, якая гарантуе кожнаму грамадзяніну права прытрымлівацца свайго меркавання і карыстацца свабодай слова і свабодай арганізацыі.

Усе тры нашых лаўрэаты падзяляюць гэтае перакананне. У іх агульны падыход да выкрыцця прыгнятальнікаў і выканаўцаў ваенных злачынстваў. Іх метад заключаецца ў сістэматычным зборы доказаў мінулых і цяперашніх парушэнняў правоў чалавека і ваенных злачынстваў. Мэта – прыцягнуць вінаватых да адказнасці, ушанаваць памяць ахвяраў і прадухіліць паўтарэнне зверстваў. Цвёрдыя доказы маюць жыццёва важнае значэнне не толькі для судовага працэсу, але і для дакументавання гісторыі і наступнага маральнага аднаўлення ахвяраў.

І гэта падводзіць мяне да першага з нашых трох лаўрэатаў, Алеся Бяляцкага.

Улады Беларусі на працягу многіх гадоў спрабавалі прымусіць яго замаўчаць. Яго пераследвалі. Ён арыштоўвалі і кідалі ў вязніцу. Ён быў пазбаўлены працы. Спадар Бяляцкі па прафесіі літаратуразнаўца, і словы былі яго зброяй з тых часоў, калі ён быў адным з пачынальнікаў руху за дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі ў 1980-х гадах. Ён заснавальнікам “Вясны”, арганізацыі, якая першапачаткова дакументавала злоўжыванні ўладаў у дачыненні да пратэстоўцаў, але хутка ператварылася ў праваабарончую арганізацыю.

На працягу больш за 20 гадоў “Вясна” дакументавала злоўжыванні і катаванні ў дачыненні да актывістаў і палітычных супраціўнікаў дыктатуры ў Беларусі. Арганізацыя выяўляе ахвяраў, адсочвае, дзе яны адбываюць пакаранне, і сочыць за абыходжаннем з імі. “Вясна” хоча зрабіць так, каб зніклыя ахвяры не былі забытыя.

У ліпені 2021 года ва ўсіх офісах “Вясны” прайшлі ператрусы, а яе кіраўнікі былі арыштаваныя. У гэты момант нашы думкі з усімі вязнямі сумлення ў Беларусі. Асабліва мы думаем пра Алеся Бяляцкага ў ягонай цёмнай і ізаляванай турэмнай камеры ў Менску: вы не самотныя, мы з вамі. Мы дзякуем Вашай жонцы, Наталлі Пінчук, якая зараз атрымае залаты медаль і дыплом ад Вашага імя.

Спадар Бяляцкі падкрэслівае, што ён не палітык. Яго роля палягае ў прасоўванні правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права – небяспечная задача пры дыктатуры. Цяпер яму пагражае пакаранне ў выглядзе турэмнага зняволення тэрмінам ад 7 да 12 гадоў.

Пісьменнік Мілан Кундэра аднойчы напісаў: “барацьба чалавека з уладай – гэта барацьба памяці з забыццём”.

Таварыства “Мемарыял” прысвяціла сябе менавіта гэтаму: памяці. Яно было заснаванае напрыканцы 1980-х гадоў у былым Савецкім Саюзе, у прыватнасці, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Андрэем Сахаравым і нястомнай праваабаронцай Аленай Жэмковай, якая прысутнічае тут сёння. Калі ласка, падыміцеся, Алена!

Першапачаткова мэтай “Мемарыялу” было задакументаваць рэпрэсіі і зверствы за часамі камуністычнай улады, каб пра гэтыя злачынствы заўсёды памяталі. Пасля распаду Савецкага Саюзу таварыства пашырыла сферу сваёй дзейнасці, таксама дакументуючы парушэнні правоў чалавека, якія мелі месца ў Расіі. Нягледзячы на тое, што ўлады да пэўнага часу талеравалі сам “Мемарыял”, яго чальцы рэгулярна зазнавалі ўціск і пераслед. Як мы ўсе памятаем, Наталля Эстэмірава, якая кіравала філіялам “Мемарыялу” у Чачні, была па-зверску забітая ў 2009 годзе, калі яна дакументавала ваенныя злачынствы, учыненыя расійскімі і прарасійскімі вайсковымі фармаваннямі падчас Другой чачэнскай вайны.

Класіфікуючы законныя і цалкам нармальныя намаганні грамадзянскай супольнасці як дзейнасць “замежных агентаў”, улады Расіі стварылі для сябе легальны інструмент, каб абмяжоўваць дзейнасць, якая не ім падабаецца. Як юрыдычная асоба, “Мемарыял” цяпер ужо ў мінулым. Ён быў зачынены па рашэнні суда ў красавіку 2022 году. Аднак сетка былых супрацоўнікаў і прыхільнікаў ліквідаванай арганізацыі ўсё яшчэ дзейнічае.

Цяпер вельмі важна, каб унікальныя архівы “Мемарыялу” пра мінулыя і цяперашнія злачынствы дзяржавы былі захаваныя для будучыні. Мы таксама павінны зрабіць усё, каб галоўны ўрок 35-гадовай барацьбы “Мемарыялу” за праўду ніколі не быў забыты: праз выкрыццё цёмных бакоў нашай гісторыі, мы маем магчымасць вынесці ўрокі з мінулага і прадухіляць паўтарэнне памылак. “Мемарыял” быў поўны рашучасці расказваць сапраўдную гісторыю злоўжыванняў, прыгнёту і ваенных злачынстваў. Тыя, хто кажуць праўду пра ўсё гэта, на жаль, у сённяшняй Расіі ўспрымаюцца як ворагі дзяржавы.

Для нас вялікі гонар вітаць сёння тут старшыню праўлення “Мемарыялу” Яна Рачынскага. Яго лозунг гучыць так: “Ніхто не плануе здавацца!”

Нарэшце, я звяртаюся да Цэнтру грамадзянскіх свабодаў з Украіну, якую сёння тут прадстаўляе галава арганізацыі Аляксандра Матвійчук. Цэнтр грамадзянскіх свабодаў ставіць на мэце “ўзмацняць прынцып чалавечай годнасці”. Насамрэч смелая мэта. Больш канкрэтна, ён хоча спрыяць грамадзянскай актыўнасці ў падтрымку дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права.

У 2007 годзе, калі быў створаны Цэнтр грамадзянскіх свабодаў, дэмакратыя і вяршэнства права не былі моцна ўкаранёнымі ва Украіне. У гады нанова заваяванай незалежнасці пасля распаду Савецкага Саюзу ў гэтай сферы былі як поспехі, так і няўдачы.

Калі ў 2013 годзе прарасійскі і ўсё больш аўтарытарны рэжым былога прэзідэнта Віктара Януковіча ўжыў сілу супраць мірных дэманстрантаў за дэмакратыю на кіеўскім Майдане Незалежнасці, “Цэнтр грамадзянскіх свабодаў” запусціў сваю ініцыятыву “Еўрамайдан SOS”. Ініцыятыва мела падвойную мэту: дакументаванне парушэнняў правоў чалавека ўладамі і аказанне юрыдычнай дапамогі ахвярам. Цэнтр таксама пачаў сачыць за паводзінамі розных дзяржаўных установаў, такіх як паліцыя і службы бяспекі, з мэтай прыцягнення іх да адказнасці за свае дзеянні і заахвочвання інстытуцыйных рэформаў. І апошняе, але не менш важнае: Еўрамайдан SOS распрацаваў інтэрактыўныя мапы, якія дазволілі адсочваць гвалтоўныя знікненні праваабаронцаў, абаронцаў дэмакратыі і журналістаў-расследвальнікаў.

Пасля таго, як Віктар Януковіч быў адхілены ад пасады ў лютым 2014 года і Расія здзейсніла незаконную анексію Крыму, “Цэнтр грамадзянскіх свабодаў” скіраваў сваю ўвагу на сітуацыю з правамі чалавека там і ў акупаваным Данбасе. Як першая праваабарончая група, якая накіравала мабільныя групы маніторынгу ў Крым і Данбас, “Цэнтр грамадзянскіх свабодаў” складаў спісы палітычных зняволеных і парушэнняў правоў чалавека, якія далей перадаваліся іншым нацыянальным і міжнародным праваабарончым арганізацыям і супольна ўдакладняліся.

Пасля расійскага ўварвання ва Украіну гэтым мабільным групам маніторынгу была пастаўленая новая і няпростая задача: выяўляць і дакументаваць ваенныя злачынствы, учыненыя расійскімі і прарасійскімі вайсковымі фармаваннямі на ўкраінскай зямлі. “Цэнтр грамадзянскіх свабодаў” выступае за тое, каб Украіна далучылася да Міжнароднага крымінальнага суда. Ён супрацоўнічае з міжнароднымі партнёрамі ў зборы доказаў парушэнняў правоў чалавека і ваенных злачынстваў з боку Расіі, тым самым падрыхтоўваючы глебу для будучых судовых працэсаў супраць ваенных злачынцаў. Сваёй сённяшняй працай “Цэнтр грамадзянскіх свабодаў” рыхтуецца да міру і справядлівасці заўтрашняга дня.

Аднойчы, калі ваенныя дзеянні спыняцца, Украіна будзе працягваць свае намаганні па развіцці дэмакратыі і вяршэнства права. “Цэнтр грамадзянскіх свабодаў” мае намер быць у авангардзе гэтага працэсу.

Нарвежскі нобелеўскі камітэт цвёрда перакананы, што тры лаўрэаты прэміі міру гэтага года адлюстроўваюць жыццёва важную ролю грамадзянскай супольнасці ў дасягненні і падтрыманні міру.

У Осла і Стакгольме мы сустракаемся сёння, каб ушанаваць усіх лаўрэатаў Нобелеўскіх прэміяў. Мы сустракаемся ў той час, калі дэмакратыя і свабода знаходзяцца пад пагрозай рэгрэсу ва ўсім свеце, і калі ў Еўропе ідзе бязлітасная агрэсіўная вайна з разбуральнымі глабальнымі наступствамі.

Перад тварам такога мноства крызісаў і выклікаў, свет мае патрэбу ў адданых сваёй справе навукоўцах і людзях, якія нястомна шукаюць праўду і пашыраюць межы нашых ведаў. І свет мае патрэбу ў выбітных асобах і групах людзей, якія цаной велізарных асабістых ахвяраў кідаюць выклік рэпрэсіўным уладам і супрацьстаяць агрэсіі ў сваім імкненні да дэмакратыі, правоў чалавека і міру.

Нарвежскі нобелеўскі камітэт мае гонар адзначыць Алеся Бяляцкага, “Мемарыял” і “Цэнтр грамадзянскіх свабодаў” за іх унёсак у справу міру і чалавечай годнасці ў гэтыя вельмі змрочныя часы.

Copyright © The Nobel Foundation 2022

 

To cite this section
MLA style: Award ceremony speech. NobelPrize.org. Nobel Prize Outreach AB 2024. Thu. 26 Dec 2024. <https://www.nobelprize.org/prizes/peace/2022/202195-ceremony-speech-belarusian/>

Back to top Back To Top Takes users back to the top of the page

Nobel Prizes and laureates

Six prizes were awarded for achievements that have conferred the greatest benefit to humankind. The 12 laureates' work and discoveries range from proteins' structures and machine learning to fighting for a world free of nuclear weapons.

See them all presented here.

Illustration

Explore prizes and laureates

Look for popular awards and laureates in different fields, and discover the history of the Nobel Prize.