Center for Civil Liberties – Nobel Prize lecture

English
English (pdf)
Norwegian
Norwegian (pdf)
Belarusian
Belarusian (pdf)
Ukrainian
Ukrainian (pdf)
Russian
Russian (pdf)

Copyright © Нобелеўскі фонд, Стакгольм, 2022 год.
Агульны дазвол на публікацыю ў газетах на любой мове. Публікацыя ў перыядычных выданнях або кнігах, у лічбавай або электроннай форме, за выключэннем кароткага пераказу, магчымая толькі са згоды Фонду. Ва ўсіх публікацыях цалкам ці большай часткі павінна змяшчацца пазначаная вышэй згадка пра аўтарскія правы.

Нобелеўская лекцыя Лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022 года “Цэнтр грамадзянскіх свабод” прамоўленая
Аляксандрай Матвійчук, Осла, 10 снежня 2022 года.

Прамова на ўручэнні Нобелеўскай прэміі міру. Час узяць адказнасць

Вашы Міласці, вашы Каралеўскія Высокасці, паважаныя чальцы нарвежскага Нобелеўскага камітэту, грамадзяне Украіны і грамадзяне свету.

У гэтым годзе абвяшчэнне Нобелеўскай прэміі міру чакала ўся Украіна. Мы расцэньваем яе як прызнанне намаганняў усяго ўкраінскага народу, які смела выступіў супраць спробаў разбурыць мірнае развіццё Еўропы, і як адзнаку важнасці працы праваабаронцаў у папярэджанні ваеннай пагрозы ва ўсім свеце. Мы ганарымся, што сёння ўпершыню ўкраінская мова прагучыць на афіцыйнай цырымоніі.

Мы атрымліваем Нобелеўскую прэмію міру падчас вайны, якую распачала Расія. Гэтая вайна доўжыцца ўжо восем гадоў 9 месяцаў і 21 дзень. Для мільёнаў людзей сталі звыклымі такія словы, як абстрэлы, катаванні, дэпартацыі, фільтрацыйныя лагеры. Але няма такіх словаў, каб перадаць боль маці, якая страціла нованароджанага сына пасля абстрэлу радзільнага аддзялення шпіталю. Яна толькі што прыціскала сваё дзіця, называла па імені, карміла грудзьмі, удыхала яго пах – і раптам расійская ракета зруйнавала ўвесь яе сусвет. І цяпер яе так чаканае і так жаданае дзіця ляжыць у самай маленькай у свеце труне.

Не існуе напрацаваных рашэнняў для выклікаў, праз якія мы і ўвесь свет праходзім. Людзі ў розных краінах таксама змагаюцца за свае правы і свабоды ў надзвычай складаных абставінах. Таму сёння я паспрабую хаця б задаць правільныя пытанні, каб мы пачалі гэтыя рашэнні шукаць.

Першае. Як вярнуць значэнне правам чалавека?

Пакаленні, якія перажылі Другую сусветную вайну, змяніліся іншымі. Людзі пачалі ўспрымаць правы і свабоды як дадзенасць. Нават у развітых дэмакратыях набіраюць вагу сілы, што ставяць пад сумнеў прынцыпы Ўсеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Але правы чалавека не здабываюцца раз і назаўжды. Каштоўнасці сучаснай цывілізацыі трэба абараняць.

Мір, прагрэс і правы чалавека непарыўна звязаныя. Дзяржава, якая забівае журналістаў, кідае за краты актыўных людзей або разганяе мірныя дэманстрацыі, уяўляе пагрозу не толькі для сваіх грамадзянаў. Такая дзяржава ўяўляе пагрозу для ўсяго рэгіёну і глабальнага міру ў цэлым. Таму на сістэмныя парушэнні свет павінен рэагаваць. Правы чалавека павінны быць не менш вызначальным фактарам у прыняцці палітычных рашэнняў, чым эканамічная выгада або бяспека. Гэты падыход трэба ўжываць і ў знешняй палітыцы.

Гэта добра відаць на прыкладзе Расіі, якая паслядоўна знішчала ўласную грамадзянскую супольнасць. Але краіны дэмакратычнага свету доўгі час заплюшчвалі на гэта вочы. Яны працягвалі ціснуць руку расійскаму кіраўніцтву, будаваць газаправоды і весці “business as usual”. Дзесяцігоддзямі расійскія войскі здзяйснялі злачынствы ў розных краінах. Але заўсёды заставаліся беспакаранымі. Свет належным чынам не адрэагаваў нават на акт агрэсіі і анексію Крыму, якая стала першым прэцэдэнтам у постваеннай Еўропе. Расія паверыла, што можа рабіць усё, што захоча.

Цяпер Расія імкнецца зламаць супраціў і акупаваць Украіну праз наўмыснае нанясення балесных удараў па  цывільным насельніцтве. Расійскія войскі мэтанакіравана знішчаюць жылыя дамы, цэрквы, школы, шпіталі, расстрэльваюць эвакуацыйныя калідоры, кідаюць людзей у фільтрацыйныя лагеры, праводзяць прымусовыя дэпартацыі насельніцтва, выкрадаюць, катуюць і забіваюць на акупаваных тэрыторыях.

Расійскі народ будзе несці адказнасць за гэтую ганебную старонку сваёй гісторыі і імкненне сілай адрадзіць колішнюю імперыю.

Другое. Як пачаць называць рэчы сваімі імёнамі?

Людзі ва Украіне як ніхто хочуць міру. Але мір не надыходзіць, калі краіна, на якую напалі, складае зброю. Тады гэта не мір, а акупацыя. Мы знаходзілі целы цывільных асобаў на вуліцах і дварах іх дамоў пасля вызвалення Бучы. У гэтых людзей наагул не было зброі.

Трэба перастаць маскаваць адкладзеныя ваенныя пагрозы пад “палітычныя кампрамісы”. Дэмакратычны свет звыкся да саступак дыктатурам. І таму так важная гатоўнасць украінскага народу супрацьстаяць расійскаму імперыялізму. Мы не пакінем людзей на акупаваных тэрыторыях на смерць і катаванні. Жыццё людзей не можа быць “палітычным кампрамісам”. Змагацца за мір – гэта не паддавацца на ціск агрэсара, а абараняць людзей ад яго бязлітаснасці.

У гэтай вайне мы змагаемся за свабоду ва ўсіх яе сэнсах. І плацім за гэта самую высокую цану. Мы, грамадзяне Украіны ўсіх нацыянальнасцяў, не павінны абмяркоўваць сваё права на суверэнную і незалежную ўкраінскую дзяржаву і развіццё ўкраінскай мовы і культуры. Як людзі, мы не павінны ўзгадняць права вызначаць сваю ідэнтычнасць і самастойна рабіць свой дэмакратычны выбар. Крымскія татары і іншыя карэнныя народы не павінны даказваць сваё права свабодна жыць на роднай зямлі ў Крыме.

Ад таго, як мы змагаемся сёння, залежыць, якой будзе Украіна ў будучыні. Каб у постваеннай краіне, мы маглі будаваць не хісткія канструкцыі, а ўстойлівыя дэмакратычныя інстытуты. Каштоўнасці – гэта тое, што вызначае нашы паводзіны не тады, калі лёгка, а тады, калі нам цяжка. Мы не павінны стаць люстэркам дзяржавы-агрэсара.

Гэта не вайна двух дзяржаваў, гэта вайна двух сістэмаў – аўтарытарызму і дэмакратыі. Мы змагаемся за магчымасць будаваць дзяржаву, у якгазаой правы кожнага чалавека абароненыя, улада падсправаздачная, суды незалежныя, а паліцыя не б’е мірныя студэнцкія дэманстрацыі на цэнтральнай плошчы сталіцы.

Мы павінны пераадолець траўму вайны і звязаныя з ёй рызыкі на шляху да еўрапейскай сям’і і зацвердзіць выбар украінскага народу, вызначаны рэвалюцыяй годнасці.

Трэцяе. Як забяспечыць мір для людзей ва ўсім свеце?

Міжнародная сістэма міру і бяспекі больш не працуе. Вязень сумлення, крымскі татарын Сервер Мустафаеў і многія іншыя людзі кінутыя ў расійскія турмы з прычыны сваёй праваабарончай працы. Мы, праваабаронцы, якія шмат гадоў выкарыстоўвалі права для абароны людзей, не маем ніякіх прававых механізмаў, каб спыніць расійскія зверствы. Таму многія з праваабаронцаў былі вымушаныя са зброяй у руках абараняць тое, у што яны вераць. Як мой сябар Максім Буткевіч, які цяпер у расійскім палоне. Ён і іншыя ўкраінскія ваеннапалонныя, а таксама ўсе затрыманыя цывільныя асобы павінны быць вызваленыя.

Сістэма ААН, створаная пасля Другой сусветнай вайны яе пераможцамі, заклала для асобных краінаў неапраўданыя індульгенцыі. Калі мы не хочам жыць у свеце, дзе правілы вызначаюць дзяржавы з больш магутным ваенным патэнцыялам, дык гэта належыць змяніць.

Мы павінны пачаць рэформу міжнароднай сістэмы для абароны людзей ад войнаў і аўтарытарных рэжымаў. Патрэбныя дзейсныя гарантыі бяспекі і павагі правоў чалавека для ўсіх дзяржаваў і іх грамадзянаў, незалежна ад удзелу ў ваенных блоках, іх ваеннага патэнцыялу ці эканамічнай магутнасці. Правы чалавека павінны заняць у гэтай новай сістэме цэнтральнае месца.

І гэта задача не толькі палітыкаў. Палітыкі маюць спакусу пазбягаць пошуку складаных стратэгіяў, якія патрабуюць працяглага часу. Яны часта паводзяць сябе так, быццам глабальныя выклікі самі калісьці знікнуць. Але праўда ў тым, яны толькі абвастраюцца.  Мы, людзі, якія хочуць жыць у міры, павінны казаць палітыкам, што нам патрэбная новая архітэктура светапарадку.

Магчыма, у нас няма палітычных інструментаў, але ў нас заўсёды застаецца ўласнае слова і ўласная пазіцыя. Звычайныя людзі маюць значна больш уплыву, чым яны самі сабе ўяўляюць. Голас мільёнаў людзей у розных краінах можа змяніць сусветную гісторыю хутчэй, чым умяшанне ААН.

Чацвёртае. Як забяспечыць справядлівасць усім ахвярам вайны?

Дыктатары баяцца сцвярджэння ідэі свабоды. Таму Расія спрабуе пераканаць увесь свет, што вяршэнства права, правы чалавека і дэмакратыя – гэта фальшывыя каштоўнасці. Бо падчас вайны яны нікога не абараняюць.

Так, права зараз не працуе. Але мы верым, што гэта часова. Нам трэба будзе разарваць гэтае кола беспакаранасці і змяніць падыходы да правасуддзя за ваенныя злачынствы. Устойлівы мір, які дае свабоду ад страху і надзею на лепшую будучыню, немагчымы без справядлівасці.

Мы да гэтага часу глядзім на свет праз прызму Нюрнбергскага трыбуналу, дзе ваенных злачынцаў асудзілі толькі пасля падзення нацысцкага рэжыму. Але справядлівасць не павінна залежаць ад устойлівасці аўтарытарных рэжымаў. Урэшце, мы жывем у новым стагоддзі.  Правасуддзе не павінна чакаць.

Нам трэба пераадолець брак адказнасці і даць шанец на справядлівасць усім пацярпелым людзям. Калі нацыянальная сістэма перагружаная колькасцю ваенных злачынстваў. Калі Міжнародны крымінальны суд абмяжоўваецца некалькімі абранымі кейсамі або наагул не мае юрысдыкцыі.

Вайна ператварае людзей у лічбы. Мы павінны вярнуць імёны ўсіх ахвяраў ваенных злачынстваў. Незалежна ад таго, хто яны, іх сацыяльнага статусу, віду злачынства і жорсткасці, якія яны выпрабавалі, і ці цікавіцца медыя і грамадства іх справай. Бо жыццё кожнага чалавека мае значэнне.

Права – гэта жывая матэрыя, якая пастаянна знаходзіцца ў развіцці. Мы павінны стварыць Міжнародны трыбунал і прыцягнуць Пуціна, Лукашэнку і іншых ваенных злачынцаў да адказнасці. Так, гэта смелы крок. Але мы павінны даказаць, што вяршэнства права працуе, а правасуддзе існуе, хоць бы і адкладзенае ў часе.

Пятае. Як глабальная салідарнасць можа стаць нашым захапленнем?

Наш свет стаў вельмі хуткім, звышскладаным і ўзаемазвязаным. Прама зараз людзі ў Іране змагаюцца за сваю свабоду. Людзі ў Кітаі ладзяць супраціў лічбавай дыктатуры. Людзі ў Самалі вяртаюць да мірнага жыцця дзяцей-салдатаў. Яны як ніхто адчуваюць, што значыць быць людзьмі і адстойваць чалавечую годнасць. Ад іх поспеху залежыць і наша будучыня. Мы адказныя за ўсё, што адбываецца ў свеце.

Правы чалавека – гэта пра вобраз мыслення, пра пэўную парадыгму ўспрымання свету, якая вызначае, як чалавек думае і будзе дзейнічаць. Яны губляюць значэнне, калі іх абарону пакінуць толькі юрыстам і дыпламатам. Таму недастаткова прыняць правільныя законы ці стварыць фармальныя інстытуты. Каштоўнасці грамадства ўсё роўна будуць мацней.

Гэта значыць, што нам патрэбны новы гуманістычны рух, які будзе працаваць з грамадствам на ўзроўні сэнсаў, займацца асветай, фармаваць масавую падтрымку і далучаць людзей да абароны правоў і свабодаў.  Гэты рух павінен аб’ядноўваць інтэлектуалаў і грамадзянскія супольнасці розных краінаў, бо ідэі свабоды і правоў чалавека ўніверсальныя і не маюць дзяржаўных межаў.

Так мы зможам сфарміраваць запыт на вырашэнне і супольна пераадольваць глабальныя выклікі – войны, няроўнасць, наступ на прыватнасць, умацаванне аўтарытарызму, змяненне клімату і так далей. Так мы зможам зрабіць гэты свет больш бяспечным.

Мы хочам, каб нашы дзеці не былі вымушаныя праходзіць праз войны і пакуты. Мы павінны ўзяць адказнасць, каб не перакладаць на іх плечы тое, што павінны зрабіць мы, іх бацькі. Чалавецтва мае шанец пераадолець глабальныя крызісы і выйсці на новы шлях светаразумення.

Час узяць адказнасць. Мы не ведаем, колькі ў нас гэтага часу.

І паколькі гэтая Нобелеўская прэмія міру падчас вайны, я дазволю сабе звярнуцца да людзей у розных краінах свету з заклікам да салідарнасці. Вы не павінны быць украінцамі, каб падтрымаць Украіну. Дастаткова быць проста чалавекам.

Copyright © The Nobel Foundation 2022

 

 

 

 

 

To cite this section
MLA style: Center for Civil Liberties – Nobel Prize lecture. NobelPrize.org. Nobel Prize Outreach AB 2024. Sun. 22 Dec 2024. <https://www.nobelprize.org/prizes/peace/2022/center-for-civil-liberties/202290-nobel-lecture-belarusian/>

Back to top Back To Top Takes users back to the top of the page

Nobel Prizes and laureates

Six prizes were awarded for achievements that have conferred the greatest benefit to humankind. The 12 laureates' work and discoveries range from proteins' structures and machine learning to fighting for a world free of nuclear weapons.

See them all presented here.

Illustration

Explore prizes and laureates

Look for popular awards and laureates in different fields, and discover the history of the Nobel Prize.