Memorial – Nobel Prize lecture

English
English (pdf)
Norwegian
Norwegian (pdf)
Belarusian
Belarusian (pdf)
Ukrainian
Ukrainian (pdf)
Russian
Russian (pdf)

Copyright © Нобелеўскі фонд, Стакгольм, 2022 год.
Агульны дазвол на публікацыю ў газетах на любой мове. Публікацыя ў перыядычных выданнях або кнігах, у лічбавай або электроннай форме, за выключэннем кароткага пераказу, магчымая толькі са згоды Фонду. Ва ўсіх публікацыях цалкам ці большай часткі павінна змяшчацца пазначаная вышэй згадка пра аўтарскія правы.

Нобелеўская лекцыя Лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022 года “Мемарыял” прамоўленая Янам Рачынскім, Осла, 10 снежня 2022 года.

МІР, ПАМЯЦЬ, СВАБОДА

Ваша Каралеўская Міласць, Вашы Каралеўскія Высокасці, шаноўныя дамы і панове! Дарагія сябры!

Перш за ўсё дазвольце мне ад імя Таварыства “Мемарыял” падзякаваць Нарвежскі нобелеўскі камітэт за прысуджэнне нашаму Таварыству Нобелеўскай прэміі міру гэтага года.

Мы асабліва ўдзячныя Нобелеўскаму камітэту за тое, што падзяляем гэты высокі гонар разам з Украінскім цэнтрам грамадзянскіх свабодаў і з мужным беларускім праваабаронцам Алесям Бяляцкім. Такое рашэнне Камітэту мае важнае сімвалічнае значэнне: яно падкрэслівае, што дзяржаўныя межы не могуць і не павінны падзяляць грамадзянскую супольнасць. А для нас такое суседства – дадатковая ўзнагарода.

Таварыства “Мемарыял” існуе ўжо 35 гадоў. Сёння яго арганізацыі працуюць у многіх рэгіёнах Расіі, ва Украіне, у некалькіх краінах Заходняй Еўропы. Прысуджаная нам Нобелеўская прэмія – гэта заслуга кожнай з гэтых арганізацыяў, кожнага з тысяч людзей, якія бяруць удзел у іх дзейнасці – іх чальцоў, супрацоўнікаў, валанцёраў, удзельнікаў публічных акцыяў. Гэта заслуга і тых, каго ўжо няма з намі. Асабліва тых, хто ствараў нашае таварыства і зрабіў яго тым, чым яно сёння стала: Андрэя Сахарава, Арсенія Рагінскага, Сяргея Кавалёва, шмат каго іншых. Гэта іх прэмія, як і наша.

У нашай працы на роўных суіснуюць два асноўныя кірункі.

Першы – гэта аднаўленне гістарычнай памяці пра дзяржаўны тэрор. Мы вядзем архіўныя даследаванні, шукаем месцы расстрэлаў і пахаванняў, збіраем уласныя архівы, бібліятэкі, музейныя калекцыі, выдаем кнігі, арганізуем публічныя акцыі памяці. Мы праводзім выставы, навуковыя канферэнцыі і семінары, працуем з моладдзю.  Мы ствараем базы дадзеных пра ахвяраў тэрору і пра тых, хто гэты тэрор ажыццяўляў. Мы расказваем пра пераслед іншадумцаў, пра інтэлектуальны, грамадзянскі і палітычны супраціў таталітарызму.

Другі – гэта барацьба за правы чалавека ў новую, пост-савецкую эпоху. Гэта збор, аналіз і публікацыя інфармацыі пра парушэнні правоў чалавека ў “гарачых кропках”: у Нагорным Карабаху, Прыднястроўі, Таджыкістане, зоне асеціна-інгушскага канфлікту, Чачні, Данбасе. Гэта пошук зніклых без вестак, расследаванне пазасудовых расправаў і так званых “знікненняў”. Гэта дапамога бежанцам і вымушаным перасяленцам. Гэта маніторынг палітычных пераследаў і прававая дапамога палітвязням, якіх сёння ў Расіі ўжо не менш, чым было ў СССР да пачатку перабудовы. У вядомым сэнсе гэта працяг барацьбы за свабоду, якая не спынялася і ў гады савецкай улады – тут злучаюцца мінулае і сучаснасць.

У сваім выступе мне хацелася б закрануць некалькі агульных пытанняў.

Першае пытанне – гэта суадносіны паміж праваабарончай дзейнасцю і працай з гістарычнай памяццю ў дзейнасці “Мемарыялу”.

Дзвесце гадоў таму Пушкін бачыў аснову “самастаяння чалавека”, яго годнасці і асабістай свабоды ў яго пачуцці судатычнасці да мінулага, у любові “да роднага парогу” і да “бацькоўскай магілы”. На непарыўнай сувязі паміж памяццю і свабодай заснаваная і праца “Мемарыялу”.

Спецыфіка гэтай працы – у тым, што мы займаемся даследаваннем і дакументаваннем не проста трагедыяў мінулага і вострых грамадскіх калізіяў сучаснасці. Мы даследуем і дакументуем злачынствы. Злачынствы супраць чалавека і супраць чалавечнасці, учыненыя або якія ўчыняюцца дзяржаўнай уладай. І першапрычыну гэтых злачынстваў мы бачым у сакралізацыі дзяржаўнай улады як вышэйшай каштоўнасці, у абвяшчэнні абсалютнага прыярытэту таго, што гэтай уладзе выгадна лічыць «дзяржаўнымі інтарэсамі», над асобай, яе свабодай, годнасцю і правамі. Гэтая перавернутая сістэма каштоўнасцяў, у якой людзі – толькі расходны матэрыял для вырашэння дзяржаўных задач, панавала ў нашай краіне семдзесят гадоў.

Адно з відавочных наступстваў сакралізацыі дзяржавы – адраджэнне імперскіх амбіцыяў. Праявай гэтага ў пачатку Другой сусветнай вайны сталі напады на Польшчу і Фінляндыю, захоп краінаў Балтыі, анексія Бесарабіі і Паўночнай Букавіны. Пасляваенны дыктат у дачыненні да краінаў Усходняй Еўропы, уварванні ў Венгрыю ў 1956 і Чэхаславакію ў 1968, вайна ў Афганістане – праява тых жа амбіцыяў, якія жывыя і сёння.

Іншае наступства – беспакаранасць не толькі тых, хто прымае злачынныя палітычныя рашэнні, але і тых, хто здзяйсняе злачынствы пры іх выкананні. Беспакаранымі і нават нерасследаванымі застаюцца самасудныя пакаранні, забойствы мірных жыхароў, катаванні і марадзёрства. Мы бачылі гэта ў ваенных дзеяннях у Чачні, мы бачым гэта і сёння на захопленай тэрыторыі Украіны. Пасля бамбардаванняў Грознага знішчэнне Марыупалю не стала чымсьці прынцыпова новым.

Ланцуг беспакараных злачынстваў працягваецца, ён не парвецца сам сабой. І ў гэтай праблемы няма ніякага кампраміснага вырашэння.

На жаль, у расійскага грамадства не хапіла сілаў перапыніць традыцыю дзяржаўнага гвалту.

Семдзесят гадоў дзяржава знішчала ўсякую салідарнасць паміж людзьмі, атамізавала грамадства, выкараняючы ў ім усякую праяву грамадзянскай салідарнасці, ператвараючы яго ў пакорлівае і маўклівае “насельніцтва”. Сённяшні сумны стан грамадзянскай супольнасці ў Расіі – наўпроставае наступства непераадоленага мінулага.

Для нас вышэйшым прыярытэтам з’яўляецца чалавек, яго жыццё, свабода і годнасць. Мы не прымаем формулу “чалавек – нішто, дзяржава – усё”. У цэнтры нашай увагі не эпахальныя гістарычныя падзеі і не пытанні «вялікай палітыкі» (хоць і ў гэтых пытаннях даводзіцца разбірацца, каб зразумець кантэксты чалавечых лёсаў). Для нас важней імёны і лёсы канкрэтных людзей, якія сталі ахвярамі злачыннай дзяржаўнай палітыкі, у мінулым і сучаснасці. Імя і Лёс – гэта тая аснова, той узровень, на якім мы працуем, тое, што мы дакументуем або аднаўляем.

Другое пытанне – гэта наднацыянальны, агульначалавечы характар праблемаў, якімі займаецца «Мемарыял».

Чалавецтва ўжо даўно ўсвядоміла, што правы і свабоды чалавека не звязаныя нацыянальнымі межамі. Тут усё ясна, і сённяшні выбар Нобелеўскага камітэту выразна гэта пацвярджае. Ідэя вяршэнства, універсальнасці і непадзельнасці правоў чалавека ператварылася ў адзін з ключавых фактараў чалавечага суіснавання, у заруку міру і прагрэсу на планеце. Заўважны ўнёсак у гэтае ператварэнне зрабіла руская думка, ад рускага філосафа XIX стагоддзя Уладзіміра Салаўёва да Андрэя Сахарава, Юрыя Арлова і іншых савецкіх дысідэнтаў.

З гістарычнай памяццю справа больш складаная. У кожнай краіне, у кожным грамадстве складваюцца ўласныя гістарычныя наратывы, уласныя “нацыянальныя вобразы мінулага”, якія нярэдка супярэчаць тым, што склаліся ў суседзяў. Прычынай спрэчак пры гэтым становяцца, як правіла, не тыя ці іншыя факты, а розныя інтэрпрэтацыі адных і тых жа падзеяў. Адрозненні ў асэнсаванні і ацэнках адных і тых жа гістарычных падзеяў, якія ўзнікаюць у розных народаў, непазбежныя – бо і асэнсаванне, і ацэнкі нараджаюцца ў кантэксце розных нацыянальных гісторыяў. Трэба толькі навучыцца ўсведамляць прычыны ўзнікнення гэтых адрозненняў і паважаць права кожнага народу на ўласнае разуменне мінулага.

Бессэнсоўна ігнараваць “чужую” памяць, рабіць выгляд, што яе не існуе зусім. Бессэнсоўна і вельмі небяспечна адмаўляць яе абгрунтаванасць, агульна абвяшчаючы ілжывымі тыя інтэрпрэтацыі гістарычнай рэальнасці, якія стаяць за гэтай памяццю. І смяротна небяспечна выкарыстоўваць гісторыю ў якасці палітычнага інструменту, развязваць “войны памяцяў”.

У савецкай імперыі любыя спробы барацьбы народаў за нацыянальную незалежнасць і нават проста праявы нацыянальнай самасвядомасці, якія не ўкладваюцца ў ідэалагічную догму, аб’яўляліся “буржуазным нацыяналізмам” і жорстка душыліся. Пасля распаду СССР у новых дзяржавах, што ўзніклі на яго тэрыторыі, сталі складвацца новыя гістарычныя наратывы, якія не супадаюць з афіцыйнай савецкай гістарычнай міфалогіяй. І неўзабаве пасля прыходу да ўлады Уладзіміра Пуціна новае расійскае кіраўніцтва і яго ідэалагічная абслуга пачалі зацятыя і агрэсіўныя “вайны памяці” супраць сваіх суседзяў, – Эстоніі, Латвіі, Украіны, – у поўнай меры выкарыстоўваючы пры гэтым старыя савецкія стэрэатыпы і ярлыкі. Вядома, гэта рабілася зусім не ў імя “гістарычнай праўды”, а дзеля ўласных палітычных інтарэсаў. Скончылася тым, што барацьба з “нацыяналізмам” і “бандэраўшчынай” стала ідэалагічным абгрунтаваннем і прапагандысцкім забеспячэннем вар’яцкай і злачыннай захопніцкай вайны супраць Украіны.

І адной з першых ахвяраў гэтага вар’яцтва апынулася гістарычная памяць самой Расіі. На самай справе, для таго, каб выдаць агрэсію супраць суседняй краіны за “барацьбу з фашызмам”, спатрэбілася скарэжыць розумы расійскіх грамадзянаў, мяняючы месцамі паняцці “фашызм” і “антыфашызм”. Цяпер расійскія мас-медыі называюць “антыфашызмам” узброенае ўварванне ў суседнюю краіну, якая не давала да гэтага ніякіх падставаў, анексію захопленых тэрыторыяў, тэрор супраць грамадзянскага насельніцтва ў акупаваных раёнах, ваенныя злачынствы. Нагнятаецца нянавісць да Украіны, яе культуру і яе мову публічна аб’яўляюць “непаўнавартаснымі”, а ўкраінскі народ неіснуючым. “Фашызмам” жа называюць супраціў агрэсару. Усё гэта абсалютна супярэчыць гістарычнаму досведу Расіі, абясцэньвае і скажае памяць пра сапраўды антыфашысцкую вайну 1941-1945 гг., памяць пра савецкіх салдатаў, якія змагаліся супраць Гітлера. Словы “рускі салдат” у свядомасці мноства людзей будуць звязаныя не з імі, а з тымі, хто сее смерць і разбурэнне на ўкраінскай зямлі.

І, нарэшце, апошняя праблема, якую я хацеў бы закрануць у гэтым выступе: праблема віны і адказнасці.

Нас мучыць пытанне – ці сапраўды “Мемарыял” заслужыў Нобелеўскую прэмію міру?

Так, мы спрабавалі супрацьстаяць размыванню гістарычнай памяці і прававой свядомасці, дакументавалі злачынствы мінулага і сучаснасці. Не будзем занадта сціплымі: мы на самай справе вельмі шмат рабілі і нямала зрабілі. Але хіба наша праца прадухіліла катастрофу 24 лютага?

Жахлівы груз, які ўпаў на нашы плечы ў гэты дзень, стаў не лягчэй, а цяжэй пасля весткі пра прысуджаную нам прэмію.

Не, гэта не груз “нацыянальнай віны”. Не варта наагул казаць пра “нацыянальную” ці якую-небудзь яшчэ калектыўную віну, – хоць бы таму, што канцэпцыя “калектыўнай віны” рашуча адпрэчваецца прававой свядомасцю. Сумесная праца ўдзельнікаў нашага руху грунтуецца на зусім іншай светапогляднай аснове – на разуменні грамадзянскай адказнасці за мінулае і за сучаснасць.

Адказнасць жа чалавека за ўсё, што адбываецца з яго краінай, ды і з усім чалавецтвам, заснаваная, як заўважыў яшчэ Карл Ясперс, на салідарнасці, агульнаграмадзянскай і агульначалавечай. Гэта ж адносіцца і да пачуцця адказнасці за падзеі мінулага. Яно вырастае з адчування чалавекам свайго адзінства з папярэднімі пакаленнямі, са здольнасці ўсвядоміць сябе звяном у ланцугу гэтых пакаленняў – гэта значыць, з усведамлення сваёй прыналежнасці да супольнасці, якое не ўчора паўстала і, будзем спадзявацца, не заўтра знікне. Гатоўнасць да адказнасці – гэта выключна асабістая якасць: чалавек сам, добраахвотна, бярэ на сябе адказнасць за тое, што адбывалася калісьці, ці за нешта, што адбываецца цяпер, але ў чым ён непасрэдна не ўдзельнічае; ніхто іншы не можа ўскласці на яго гэты груз. І самае важнае: пачуццё грамадзянскай адказнасці, у адрозненні ад пачуцця віны, патрабуе не “пакаяння”, а працы. Яго вектар накіраваны не ў мінулае, а ў будучыню.

“Мемарыял” як раз і ўяўляе сабой саюз людзей, якія добраахвотна бяруць на сябе грамадзянскую адказнасць за мінулае і сучаснасць і працуюць у імя будучыні. І, можа быць, мы павінны ўспрымаць гэтую прэмію не толькі як ацэнку таго, што здолелі зрабіць за трыццаць пяць гадоў, але і як свайго роду аванс, бо мы не апускаем рукі і працягваем працаваць.

Дзякую за ўвагу.

Copyright © The Nobel Foundation 2022

 

To cite this section
MLA style: Memorial – Nobel Prize lecture. NobelPrize.org. Nobel Prize Outreach AB 2024. Sun. 15 Dec 2024. <https://www.nobelprize.org/prizes/peace/2022/memorial/202283-nobel-lecture-belarusian/>

Back to top Back To Top Takes users back to the top of the page

Nobel Prizes and laureates

Six prizes were awarded for achievements that have conferred the greatest benefit to humankind. The 12 laureates' work and discoveries range from proteins' structures and machine learning to fighting for a world free of nuclear weapons.

See them all presented here.

Illustration

Explore prizes and laureates

Look for popular awards and laureates in different fields, and discover the history of the Nobel Prize.